Эпітэт як моўна-стылістычны сродак у паэзіі Ніла Гілевіча
Перыфраза, акрамя эпітэта і параўнання, таму што апошнія выкарыстоўваюцца для вобразнага падкрэслівання той ці іншай прыметы, якая не змяняе значэнне слова. Г. Паспелаў да тропаў (сродкаў іншасказальнай вобразнасці і выразнасці) адносіць словы, ужытыя ў пераносным сэнсе і вылучае пры гэтым сярод іх, акрамя метафары, метаніміі, іроніі, простае параўнанне як від слоўнай выразнасці. Як адзін… Читать ещё >
Эпітэт як моўна-стылістычны сродак у паэзіі Ніла Гілевіча (реферат, курсовая, диплом, контрольная)
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі
" Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
імя Францыска Скарыны"
Філалагічны факультэт Кафедра беларускай мовы Курсавая работа Эпітэт як моўна-стылістычны сродак у паэзіі Ніла Гілевіча Выканаўца:
Фурс Вера Мікалаёўна Навуковы кіраўнік:
Дземідзенка Людміла Пятроўна Гомель 2012
Рэферат Курсавая работа складаецца з: 23 старонак і 12 крыніц.
Ключавыя словы: эпітэт, стылістычная функцыя, троп, паэтычная лексіка, вобразнасць, мастацкае азначэнне, экспрэсіўнасць Аб’ект даследавання: мова твораў Ніла Гілевіча.
Прадмет даследавання: эпітэты ў зборніках аўтара Крыніцы даследавання: зборнікі «Наканаванае», «Родныя дзеці», «Вечны матыў»
Метад даследавання: лінгвістычны і апісальны.
Мэта даследавання: даследаванне эпітэтаў мове твораў Ніла Гілевіча Задачы курсавой работы:
1) паказаць адметнасць ужывання эпітэта ў творах Ніла Гілевіча ;
2) размежаваць іх і выявіць іх распаўсюджанасць, а таксама, ролю ў паэтычных радках аўтара;
3) ахарактарызаваць разнавіднасці стылістычных функцый эпітэтаў;
Вывады:
Пранаалізаваўшы вершы Ніла Гілевіча з узятых намі зборнікаў можна адзначыць, што эпітэт як моўна-стылістычны сродак прадстаўлены значна яскрава і вобразна. Найбольш вызначальнымі і характэрнымі для паэтычнай мовы твораў аўтара з’яўляюцца агульнамоўныя і індывідуальна-аўтарскія эпітэты.
Змест Уводзіны
1. Лексіка-стылістычныя сродкі
2. Эпітэт
2.1 Класіфікацыя эпітэтаў паводле іх сувязі з паяснёным словам
2.2 Граматычнае выражэнне эпітэтаў
3. Стылістычныя функцыі эпітэтаў
Заключэнне Спіс выкарыстанай літаратуры моўнай сцежкі эпітэт граматычны Уводзіны Калі паэт — сапраўдны сын Зямлі-маці, Айчыны, Бацькаўшчыны, яго творчасць убірае ў сябе, што належыць гэтай зямлі. Яе гісторыю, характар, душу, мову. Мудрасць яе высокіх аблокаў і струмлівых ручаёў, прасторных дарог і вузенькіх сцежак, бязмежнага поля і маленькай пылінкі. Усё да драбніц. Толькі кожная драбніца — цэлы сусвет. І мядункавы водар спелых лугоў - як вечнасць, і сумна-тужлівае куванне зязюлі ў бары — як вечнасць, і задуменны сінявокі пагляд васілька — як вечнасць…
Край мой беларускі, край!
Дай мне прыгарнуцца, дай!
Да твайго ляснога Вераснога долу, Дзе так шчасця многа Выпала на долю, ;
Дай жа прыгарнуцца, дай [2, с. 5].
І гэта, відаць, самае важнае, самае дарагое для мастака, калі яго слова — трывожны імпульс розуму і сэрца — знаходзіць глыбокі шчыры водгук, становіцца часцінкай нейчага ўнутранага жыцця. Калі энергія яго паэтычнай думкі аплочваецца нейчай дабрынёй, надзеяй, радасцю, захапленнем, узлётам душы. І мо найдаражэй для паэта — нейчым болем. Бо ўсё наша будзённае шчаслівае і трагічнае жыццё з яго бясконцымі пошукамі сэнсу аплочана менавіта гэтым — найглыбокім і найкаштоўным чалавечым пачуццём.
Арыгінальнасць мастакоў слова, перш за ўсё паэтаў, у многім вызначаецца самабытнасцю, непаўторнасцю эпітэтаў, гэтых «стрэлаў у сутнасць» [5, с. 112]. Яны дапамагаюць лаканічна і вобразна ахарактарызаваць з’яву, даць ёй ацэнку, канкрэтызаваць, вылучыць патрэбную рысу ці адзнаку.
Да гэтага часу ў мовазнаўстве не вырашана пытанне — адносіць да эпітэта любое азначэнне пры назоўніку ці толькі тое, якое мае ацэначную афарбоўку. Тыя даследчыкі, што прытрымліваюцца вузкага разумення тэрміна «эпітэт», адносяць яго да чыста стылістычных з’яў. Яны лічаць эпітэтамі такія азначэнні, што маюць незвычайную мастацкую вобразнасць, выражаюць пачуцці і адносіны аўтара да прадметаў і з’яў, пра якія распавядаецца ў літаратурна-мастацкім тэксце.
Мэтай маёй курсавой работы з’яўляецца даследаванне эпітэта як моўна-стылістычнага сродка ў мове твораў Ніла Гілевіча.
Задачы:
4) паказаць адметнасць ужывання эпітэта ў творах Ніла Гілевіча ;
5) размежаваць іх і выявіць іх распаўсюджанасць, а таксама, ролю ў паэтычных радках аўтара;
6) ахарактарызаваць разнавіднасці стылістычных функцый эпітэтаў;
Крыніцамі даследавання з’яўляюцца такія зборнікі вершаў Ніла Гілевіча, як «Наканаванае», «Вечны Матыў», «Родныя дзеці» .
Эпітэт як адзін з моўна-стылістычных сродкаў мастацкай вобразнасці - галоўны аб’ект увагі. У рабоце разглядаецца граматычнае выражэнне эпітэтаў і іх стылістычная роля ў паэтычных творах.
1. Лексіка-стылістычныя сродкі
Лексіка паэтычная (ад грэч. lexis — слова, выраз) — слоўнікавы склад якога-небудзь твора паэзіі або ўсёй мастацкай творчасці.
Дзякуючы вершаванай мове, якой звычайна карыстаецца паэзія, кожнае слова ў паэтычным творы навідавоку, інтанацыйна і рытмічна вылучана. Ды і наогул колькасць слоў тут невялікая (у параўнанні з творамі прозы). Таму вартасць кожнага слова і яго адчувальнасць у паэтычным кантэксце надзвычай высокія. Гэтым тлумачыцца вялікая адказнасць паэта за выбар слова, за яго сэнсавае напаўненне і гучанне. Вось чаму сапраўдныя паэты надзвычай уважліва ставяцца да кожнага слова, старана вывучаюць мову народа, беручы з яе ўсё лепшае, пры неабходнасці займаюцца ўласнай саматворчасцю, звяртаюцца да запазычвання з іншых моў.
Мова паэзіі - эмацыянальна афарбаваная мова. Таму ў ёй вялікая роля належыць экспрэсіўным моўным сродкам, што перадаюць эмацыянальны стан лірычнага героя паэта. Намнога большае значэнне ў ёй, у параўнанні з мовай прозы і літаратурнай мовы ўвогуле, мае сістэма пераносных значэнняў слоў - тропаў. У паэзіі назіраецца своеасаблівая канцэнтрацыя тропаў, якія адыгрываюць тут незаменную выяўленчую ролю. Менавіта ў сістэмах прамых і пераносных значэнняў слоў і ўвасабляецца перш за ўсё змест паэтычнага твора.
Троп (ад грэч. tropos — зварот, прыём) — гэта словы ці моўныя выразы, ужытыя ў пераносным значэнні ў мэтах дасягнення большай выразнасці. []
Тропы з’яўляюцца ўніверсальнай рысай усіх моў свету і асноўных знакавых сістэм. Яны ўзніклі разам з першымі спробамі мысліцельнай дзейнасці чалавека і сталі іх неад’емнай спадарожніцай, абавязковым элементам працэсу творчасці і пазнання. Тропы зазнавалі змены ў часе, развіваліся, набывалі новае аблічча, ускладняліся і трансфарміраваліся, але ніколі не знікалі, бо галоўная сфера іх аселасці - моўны абсяг. Яны былі асновай міфалагічнага ўспрыняцця рэчаіснасці для далёкіх прашчураў і на сучасным этапе развіцця чалавецтва выконваць сваю анталагічную ролю — спрыяюць стварэнню шматколернага малюнка свету, садзёйнічаюць слоўна-паняційнаму спасціжэнню рэчаіснасці.
Таму заканамерна, што спецыфіку тропаў пачыналі даследваць яшчэ ў антычнасці. Ужо ў вядомай «Паэтыцы» Арыстоцель валоданне тропамі вызначаў як рэдкую здольнасць. Сутнасцю паэтычнага таленту ён лічыў уменне бачыць свет у агульнай еднасці: «Важней за ўсё — быць здатным да метафарызацыі. Толькі гэта нельга запазычыць ад іншага. Гэта — рыса таленту, бо складваць выключныя метафары — значыць знайсці падабенства.
Ад славутага вучонага старажытнасці ідзе традыцыя лічыць метафарай усе віды тропаў, нават усе формы пераносных значэнняў. Відаць ён найбольш вобразна і абагулена растлумачыў з’яўленне тропаў.
А. А. Патабня лічыў тропы «сілавымі лініямі мастацкай эстэтыкі», бо яны належаць да асноўных кампанентаў фарміравання індывідуальна-аўтарскага стылю, выяўляюць асноўную канцэпцыю фарміравання апошняга.
В. У. Вінаградаў таксама лічыў тропы вызначальнай рысай мастацкіх стыляў.
Паколькі тропы з’яўляюцца важнейшым сродкам вобразнага адлюстравання і пазнання свету, асноўным шляхам узбагачэння літаратурнага тэксту новымі семантычнымі адценнямі, новымі сэнсавымі нюансамі, то і ў лінгвістыцы і ў літаратуразнаўстве ім належыць галоўнае месца.
Да сёняшнега часу няма адназначнага погляду на праблему аднясення пэўных сродкаў слоўнай вобразнасці да тропаў. Б. Тамашэўскі і В. Жырмунскі прытрымліваюцца думкі, што тропы — гэта словы са зменнай семантыкай, у якіх «на першы план выходзяць прыметы, звычайна захаваныя сярод іншых, што ўтвараюць паняцце ці ўяўленне». Суадносна з гэтым меркаваннем, да іх адносяцца:
· метафара
· метанімія
· перыфраза, акрамя эпітэта і параўнання, таму што апошнія выкарыстоўваюцца для вобразнага падкрэслівання той ці іншай прыметы, якая не змяняе значэнне слова. Г. Паспелаў да тропаў (сродкаў іншасказальнай вобразнасці і выразнасці) адносіць словы, ужытыя ў пераносным сэнсе і вылучае пры гэтым сярод іх, акрамя метафары, метаніміі, іроніі, простае параўнанне як від слоўнай выразнасці. Як адзін з прыёмаў інтанацыйна-слоўнай выразнасці, поруч з інверсіяй, антытэзай і іншымі, даследчык апісвае эпітэт, з чым мы не можам пагадзіцца. Эпітэт выконвае больш эстэтычную функцыю, звязаную с патрабаваннямі зместу, ідэі твора, а не інтанацыйна-сінтаксічную.
У дачыненні да азначэння тропаў, думку Г. Паспелава падтрымлівае В. Рагойша, які адносіць да іх і эпітэт, і параўнанне (простыя тропы), і ўвасабленне, як від метафары, і сімвал (складаны троп).
Тропы складаюць у творы іншасказальную вобразнасць, калі вобраз узнік са збліжэння аднаго прадмета ці з’явы з другім. У гэтым і заключаецца найбольш агульная функцыя ўсіх тропаў:
ь адлюстраванне ў структуры вобраза здольнасці чалавека думаць па аналогіі, увасабляць па словах паэта, «збліжэнне рэчаў далёкіх», падкрэсліваючы такім чынам адзінства і цэласнасць навакольнага свету. Пры гэтым мастацкі эфект тропа, як правіла, тым мацнейшы, чым далей знаходзяцца адзін ад другога з’явы, што збліжаюцца;
ь выяўленне сутнасці пэўнай з’явы, звычайна схаванай, патэнцыяльнага паэтычнага сэнсу, які захаваны.
Стылістычная афарбоўка тропа заключаецца ў тым, што ў адрозненні ад звычайнага абазначэння прадмета ці з’явы словам, адбываецца перазмеркаванне прымет такім чынам, што на першы план выступаюць прыметы, што звычайна былі захаваныя сярод іншых, якія ўтвараюць паняцце ці ўяўленне. Для вершаванай мовы мовы Н. Гілевіча характэрны такія віды тропаў як параўнанні, эпітэты і метафары.
2. Эпітэт Традыцыйна эпітэтам лічыцца від мастацкага азначэння істотнай рысы, прыметы асобы, з’явы ці прадмета. Эпітэт з’яўляецца сродкам перадачы псіхалагічнага ўспрымання вобразаў, дакладнай і ўсебаковай характарыстыкі з’яў, прадметаў і даволі значнага ўзбагачэння зместу твора. Гэты троп узнік яшчэ ў антычную эпоху і на працягу добрага часу абазначаў два паняцці: азначэнне і мастацкае ўпрыгожванне. А. М. Весялоўскі у сваёй «Гістарычнай паэтыцы» лічыў гісторыю эпітэта гісторыяй паэтычнага стылю ў скарочаным выданні, і нават не толькі стылю, але і паэтычнай свядомасці.
Як сродак мастацкага абазначэння ў творах асобных аўтараў, эпітэт даследаваўся шырока і з’яўляецца даволі глыбока распрацаваным. У сувязі з гэтым выдзяляюцца вузкае і шыокае разуменне гэтага тэрміна. У вузкім сэнсе Б. В. Тамашэўскі, І. Р. Гальперын, І. В. Арнольд выказваюць думку аб адрозненні эпітэта ад звычайнага азначэння пераносным характарам слова. У шырокім сэнсе эпітэт разглядаюць В. П. Рагойша, М. Я. Цікоцкі, Л. І. Цімафееў, Э. Рызель і іншыя: «У шырокім сэнсе эпітэтам з’яўляецца кожнае слова, якое азначае, паясняе, характарызуе і г. д. якое-небудзь паняцце». У адрозненні ад іншых жанраў, у лірыцы, на наш погляд, прадметам даследвання з’яўляецца эпітэт, які ўпрыгожвае, аздабляе.
2.1 Класіфікацыя эпітэтаў паводле іх сувязі з паяснёным словам Увогуле, праблема класіфікацыі эпітэтаў вырашаецца ў навуковай літаратуры па-рознаму. Яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя акадэмік А. М. Весялоўскі падзяліў эпітэты на тры групы: таўталагічныя, паясняльныя, метафарычныя. Прытрымліваючыся класіфікацыі Н. В. Гаўрош, у аснове якой знаходзяцца асаблівасці стылістычнага ўжывання вобразных азначэнняў, ступень ўстойлівасці іх сувязі з паяснёным словам, выдзяляем эпітэты:
§ агульнамоўныя (звыклыя)
§ індывідуальна-аўтарскія
§ народна-паэтычныя (сталыя, традыцыйныя) У вершаванай мове Н. Гілевіча вялікую групу эпітэтаў складаюць агульнамоўныя, для якіх характэрна адносна ўстойлівая сувязь з паяснёным словам, даволі частае ўжыванне іх у мове твораў Ніла Гілевіча:
Пры дарозе пыльнай, шумнай, Недалёка ад сяла, Адзінокай прыгажуняй Груша стройная ўзрасла [1, с. 64];
Страшны лёс, што дасюль Нас у гурт не з’яднаў,
У абліччах бяды Бачыў я ўжо і знаў [1, с. 86];
Выйду летнім ранкам З востраю касою Калі поплаў ярка Зіхаціць расой [1, с. 98];
Хораша і чыста Паганю пракос.
А навокал свішчуць Ды дзесяткі кос [1, c. 98];
Як доўга ў сэрцы горкі боль Ператвараецца ў атруту?
За дзень? За месяц? Ці за больш?
А можа — толькі за мінуту [1, с. 113];
Лёгкая, як воблачка, Як прыпеўка ў песеньцы, У бліскучых лодачках Збегла ўніз па лесвіцы [1, с. 125];
Не пакідай мяне, мой светлы сум, З табой мне хораша на адвячорку Хадзіць і слухаць лесу ціхі шум, Пакуль суцемак не запаліць зорку. [1, с. 126].
Таксама шматлікай з’яўляецца група індывідуальна-аўтарскіх эпітэтаў.
Індывідуальна-аўтарскія эпітэты ствараюцца на аснове аўтарскіх асацыяцый. Пэўныя ўласцівасці па сваёй сутнасці не належаць асобным прадметам, яны вынікаюць з унутранага або знешняга падабенства.
Н. Гілевіч у сваіх вершах шырока выкарыстоўвае менавіта эпітэты, якія ў навуковай літаратуры яшчэ называюць суб’ектыўнымі. Гэта найчасцей аўтарскае, незвычайнае бачанне, індывідуальнае асэнсаванне навакольнай рэчаіснасці, якія прыцягваюць увагу чытача:
Такой часінаю, спагады просячы, Тут колісь прашчур тупаў басанож, Глядзеў на ляда і ў пакутнай роспачы Маліўся небу, каб паслала дождж [1, с. 75];
Ты ідзеш абсохлаю абочынай Пакланіцца руням маладым.
Над палямі - жаўранкі нязмоўчныя, Над дубровамі - зялёны дым [1, с. 101];
І тых парэчак чорных, Што над вадой кусціліся,
І птушак незлічонных, Што ў гушчары гняздзіліся, ;
Няма, няма нічога [1, с. 70];
Як чараўніца на нябачных кроснах, Ноч тчэ над лесам цёмны полаг свой.
Во — чуцен шоргат панажоў марозных, Во — зарыпеў прастуджана навой [1, с. 74];
Ішоў да рэчкі, падуладны магіі,
І, абліваючы сябе вадой, Шаптаў замовы вуснамі самяглымі,
Бездапаможны перад злом-бядой [1, с. 75];
А што табе? Чаго схапіўся ты за сэца?
Перахапіла там — і не дыхнуть ніяк…
То кроў жыцця, то кроў зямлі жывая л’ецца Ва ўлоне смерці - у сусветны акіян [1, с. 77];
Калі над гэтым полем з волкай хмарнасці
Па вашай волі ліўні зацурчаць ;
Я буду ў дзікай першабытнай радасці
Скакаць і пець, куляцца і крычаць [1, с. 76];
Два-тры дразды на цэлы лес ;
Пераклікаюцца, нібыта На анямелым полі бітвы З байцом паранены баец [1, с. 77];
Несвядомыя мухі
Ядуць мухамора на сподку.
Прагавіта ;
Аж ножкамі смачна стрыгуць:
Так салодка [1, с. 83].
Не такой шматлікай з’яўляецца група народна-паэтычных эпітэтаў. Бытаванне эпітэта ў лірыцы вымяраецца вякамі. Ён узнік у фальклоры ў выніку абагульнення і ідэалізацыі прымет, традыцыйных і звыклых для адпаведнага набору паняццяў, з’яў, прадметаў. Мастацкія азначэнні, якія за працяглы перыяд у творчай і мастацкай эвалюцыі непарушна замацаваліся за адпаведнымі словамі і набылі нязменны характар, даследчыкі звыкла называюць пастаяннымі эпітэтамі. Асноўнай рысай сталых эпітэтаў з’яўляецца абмежаванасць спалучэння з паяснёным словам. Такія эпітэты паэт выкарыстоўвае не часта, звычайна ў апісанні прыроды, напрыклад:
Высока ў небе воблачка плыве, Плыве бялюткае, адно ў блакіце.
Яму ці сонцу ў чыстай сіняве Жняярка крыллямі махае ў жыце [1, с. 99];
І таксама радуюцца зелені,
Сонцу яснаму над галавой, Небу сіняму, палям засеяным, Шэпту ліўняў з лісцем і травой [1, с. 101].
2.2 Граматычнае выражэнне эпітэтаў
Адносна граматычнага выражэння эпітэтаў маюцца розныя меркаванні.
Б. В. Тамашэўскі, напрыклад, лічыў, што эпітэты ў пераважнай большасці з’яўляюцца якаснымі прыметнікамі, простымі ці складанымі.
Нам больш імпануе меркаванне Н. В. Гаўрош, якая, акрамя якасных прыметнікаў, адносіць «і адносныя і прыналежныя прыметнікі, але тады, калі ў кантэксце яны набываюць пераноснае значэнне, метафарызуюцца» .
Эпітэты ў вершах Н. Гілевіча — гэта разнастайныя простыя якасныя прыметнікі, якія выражаюць канкрэтную прымету прадмета:
§ колер:
Белай стужкай дарога Раскацілася ў полі,
А па ўзбоччы дарогі ;
Толькі шызы палын [1, с. 144];
У край маленства памяць адбягае.
І тчэ і тчэ старую казку ноч,
І ў мутных хмарках месячык мільгае, Як паміж ніцяў срэбраны чаўнок [1, с. 74];
Вясна — і свежы пень заплыў слязьмі:
Як страшна плача родны дол па дрэве!
Мурашкі чорныя, ажыўшы на прыгрэве, Ужо спраўляць памінкі напаўзлі [1, с. 142];
Перш, нібы і ўзгодзе з творчым крэда, Радасць хлынула — каб прагучаць.
Атрымалася ж — не прачытаць:
Як па белай кафлі белай крэйдай [1, с. 155].
§ якасці, якія ўспрымаюцца зрокам, слыхам, нюхам, дотыкам, на смак:
Той жа дзень на прадвесні ;
Асклелы, сыры.
І аўтобусік той ;
Дапатопна стары [1, с. 152];
Пачуванне такое, нібыта Горка-прыкрае сталася штось.
На завоях капрызнага быту У калёсах надтрэснула вось [1, с. 149];
За востры халадок расінак тых, Што і цяпер бягуць па твары, коцяцца
І выціраць іх мне чамучь не хочацца… [1, с. 144].
§ знешні выгляд:
Ты ідзеш абсохлаю абочынай Пакланіцца руням маладым.
Над палямі - жаўранкі нязмоўчныя, Над дубровамі - зялёны дым [1, с. 101];
Загарнуўшы ў абрус на стале Свежы бохан пачаты, Склала рукі яна ў прыпале ;
На пярэднік шурпаты [1, с. 102];
Як ён імчыцца морам стэпу шэрага!
Як цупка след кладзе яго капыцце!
Як страшна пена валіцца з ашчэрнай Пачварнай морды! Гэй, набок сыдзіце [1, с. 80];
Тут, у гушчы кустоў, у кудлатым ляшчэўніку, За даўжэзны свой век, кожным летам, як жнуць, ;
Колькі чуў ён дзіцячага гоману-шчэбету!..
І яшчэ, і яшчэ раз хацеў бы пачуць [1, с. 80].
§ памер, форму:
Дома, счысціўшы шалупінне, Сыплю бульбу ў старую ступу
І таўку таўкачом вялізным Цеста чорнае, як зямля [1, с. 235];
Мне здалося на момант:
Чайку белую Раптам убачыў я, Што да ўцёса ляціць Над агромністым Морам любові [1, с. 230];
Я ў гэту ноч ліпнёвую
Іду сцяжынкай вузкаю, Сцяжынкаю жытнёваю, Зямлёю беларускаю [1, с. 153];
Прыбраўшыся моднай адзежынай, Глядзець на сяброў па вялікай сяўбе Толькі з плёвага пункту гледжання [1, с. 232].
§ рысы характару чалавека ці іншай жывой істоты, а таксама адухаўлёных прадметаў (персаніфікаваных):
Ён был філосаф-сацыёлаг, Дацэнт сталічнай ВНУ.
З натур дасціпных і вясёлых.
І клаў за праўду галаву [1, с. 299];
І калі ўсё такі ён вырас Непамяркоўным, грубым, злым, ;
Быў вінават, відаць, той вырак, Грымаса Здрады над малым [1, с. 302];
Жывога розуму дзяўчына
І шчодрай, ласкавай душы.
А гляне карымі вачыма На дзецюка — прапаў, пішы [1, с. 308].
§ стан чалавека, навакольнага асяроддзя ці персаніфікаванага прадмета:
Гэта ж тут, ап’янелы Ад вясновага хмелю,
Ён пытаўся ў зязюлі,
Колькі год яму жыць… [1, с. 234];
Качанеюць, дубеюць пальцы, Ды, узрадаваны знаходцы, Нібы золата ком — у кошык Змяклы, слізкі «шаймор» кладу [1, с. 235];
Шчасця паэтам Заўсёды ў жыцці не хапала,
І ўсё ж яны могуць быць Вельмі шчаслівымі [1, с. 230].
§ фізічныя якасці, узрост:
Паэтка паўстала
І прыгожай,
І мудрай,
І юнай [1, с. 230];
Я прыгадаў забытыя радкі,
Калі на прыстані ўладзівастоцкай, Дзе мы чыталі вершы роднай мовай, Стары мужчына падыйшоў да нас [1, с. 162];
Красавіцкі празяблы ранак.
Снег не ўсюды яшчэ сагнала,
І на полі ў барознах хлюпкіх Лёд падталы ў вадзе стаіць [1, с. 235].
§ іншыя якасці ці ўласцівасці:
Гэта ж тут ён калісьці
Любаваўся з пагорка На знаёмы да болю Дарагі краявід [1, с. 234];
Хай на бой вядуць паэты!
Хай мячом пакажуць прыклад, Як ісці да светлай мэты, Як пазабыцца ночы прыкрай [1, с. 239].
І невялікая група эпітэтаў-прыдаткаў, выражаных назоўнікамі:
І сыпяцца патроху З маіх галін-гадоў
На белую дарогу, На ўсланы снегам дол [1, с. 133];
Дождж прайшоў,
І на траве, на лісці
Зіхацяць, гараць Брыльянты-росы [1, с. 65];
Даскажа ў полі пад гарой крынічка, Што па каменьчыках бяжыць-журчыць,
І шэрая зязюля-варажбітка, Што мне накукавала доўга жыць [1, с. 147];
На ўзлеску, дзе трава буяе дзіка, Дзе захмызеў удзірванелы дол, Калісь асадніка была сядзіба ;
Чужынца-пана ўтульнае гняздо [1, с. 186].
Такім чынам, Н. Гілевіч імкнецца ўжываць эпітэты, выражаныя пераважна якаснымі прыметнікамі. Такія эпітэты выражаюць канкрэтную прымету прадмета:
1) якасці, якія ўспрымаюцца зрокам, слыхам, нюхам, дотыкам, на смак;
2) колер;
3) знешні выгляд;
4) памер, форму;
5) рысы характару чалавека ці іншай жывой істоты, а таксама адухаўлёных прадметаў (персаніфікаваных);
6) стан чалавека, навакольнага асяроддзя ці персаніфікаванага прадмета;
7) фізічныя якасці, узрост;
8) іншыя якасці ці ўласцівасці.
Адносныя і прыналежныя прыметнікі ў якасці эпітэтаў, паэт ужывае толькі пры ўмове іх метафарызацыі і значна радзей за якасныя.
Вялікая колькасць эпітэтаў, выражаных якаснымі прыметнікамі (самых разнастайных лексіка-граматычных разрадаў) дазваляе паэту выкарыстоўваць гэты від тропа ў разнастайных апісаннях (апісальная функцыя), для стварэння партрэтнай характарыстыкі герояў твораў, для характарыстыкі іх псіха-эмацыянальнага стану, рыс характару (ацэначная функцыя).
Эпітэт ў лірыцы Н. Гілевіча — важны сродак стварэння вобразнасці. З дапамогай гэтага тропа паэт пашырае семантычныя магчымасці разнастайных слоў, што садзейнічае свежасці і незвычайнасці пры ўспрыманні твораў.
3. Стылістычныя функцыі эпітэтаў
Агульнапрызнана, што літаратурны твор — гэта адзіная, цэласная сістэма моўных і нямоўных сродкаў. Таму пры аналізе мастацкага твора важна і абавязкова трэба ўлічваць моўныя вобразныя сродкі (іх сэнс, структуру, спалучальныя асаблівасці, стылістычныя функцыі, узаемадзеянне іх як частак мастацкай сістэмы).
Галоўнае адрозненне ў выкарыстанні пісьменнікам эпітэтаў заключаецца не ў частотнасці іх ужывання, а ў эстэтычна-сэнсавай якасці: наколькі дакладна і глыбока дапамагаюць раскрыць мастацкую задуму [4, с. 11].
Галоўная функцыя эпітэта — эстэтычна-пазнавальная. Гэта функцыя агульная для ўсіх стылістычных прыёмаў у мастацкім тэксце. Эпітэт, па-першае з’яўляецца сродкам пазнання і адлюстравання рэчаіснасці, набыцця і пашырэння ведаў аб прадметах, з’явах, псіхалогіі чалавека; па-другое, служыць сродкам мастацкай выразнасці, абуджае ў чытача эстэтычныя пачуцці [4, с. 11].
Здольнасці эпітэта надаваць прадмету або з’яве дададковую (часта кантэкстуальна абумоўленную) характарыстыку ажыцяўляецца праз характарыстычную функцыю.
Эпітэт можа звязвацца і атрыбутыўнымі адносінамі з словамі, якія абазначаюць прадметы або з’явы, не суадносныя з пэўнымі прыметамі ў аб’ектыўнай рэчаіснасці, і тым самым выконвае арганізацыйную функцыю.
Адна з найважнейшых функцый эпітэта — экспрэсіўная: эпітэты перадаюць эмоцыі, перажыванні, настрой.
Эпітэты выражаюць ацэнку прадмета або з’явы, гэта значыць выконваюць ацэначную функцыю. У залежнасці ад таго, хто ацэньвае аб’ект гутаркі, можна выдзеліць дзве разнавіднасці ацэначнай функцыі:
o функцыю індывідуальнай ацэнкі;
o функцыю калектыўнай ацэнкі [4, с. 12].
У сваю чаргу арганізацыйная функцыя ўключае функцыю стварэння вобразнасці і звышарганізацыйную функцыю; экспрэсіўная функцыя — экспрэсіўна-эмацыянальную і экспрэсіўна-узмацняльную; ацэначная — функцыі эмацыянальнай і інтэлектуальнай ацэнкі
Эпітэты перадаюць вобразную інфармацыю, г. зн. выконваюць функцыю стварэння вобразнасці [4, с. 12].
Сутнасць звышарганізацыйнай функцыі эпітэтаў у тым, што адметнае аб’яднанне і арганізацыя не звязаных ва ўмовах нарматыўнай спалучальнасці слоў стварае дадатковыя семантычныя сувязі паміж эпітэтам і паяснёным словам Эпітэты перадаюць пачуцці, настрой, душэўнае хваляванне (радасць, страх, гнеў) і тым самым выконваюць экспрэсіўна-эмацыянальную функцыю.
Пад экспрэсіўна-узмацняльнай функцыяй эпітэта разумеем здольнасць перадаваць не толькі прадметна-лагічную інфармацыю аб той ці іншай прымеце, але і паказваць ступень інтэнсіфікацыі гэтай прыметы [4, с. 13].
Эпітэты выконваюць таксама эмацыянальна-ацэначную функцыю, бо перадаюць інфармацыю пра здольнасць прадмета або з’явы выклікаць у чалавека пэўную пачуццёвую рэакцыю (станоўчую або адмоўную).
Інтэлектуальна-ацэначная функцыя абумоўлена частым ужываннем эпітэта са словамі, якія называюць прадметы або з’явы, што выклікаюць у грамадстве актыўнае асуджэнне або ўхваленне. Эпітэт набывае сему інтэлектуальнай ацэнкі станоўчага або адмоўнага характару.
Эпітэт можа выконваць адразу некалькі функцый, калі выкарыстоўваецца для дасягнення розных стылістычных мэт [4, с. 14].
Пры дапамозе эпітэтаў ствараюцца выразныя, запамінальныя партрэты персанажаў, раскрываецца іх унутраны свет, вобразна апісваюцца малюнкі беларускай прыроды.
Эпітэт адзін з найважнейшых сродкаў як індывідуалізацыі, так і абагульнення ў аўтарскіх апісаннях. Гэтыя функцыі эпітэта з’яўляюцца традыцыйнымі, характэрнымі для творчай манеры кожнага пісьменніка.
Зразумела, што пісьменнікі імкнуцца ў адпаведнасці са сваім прафесійным узроўнем, жыццёвым і творчым вопытам надаць эпітэту спецыфічную стылістычную нагрузку.
Такім чынам, эпітэт адыгрывае значную ролю ў мове беларускіх мастацкіх твораў. Ён з’яўляецца адным з дзейсных сродкаў вобразнасці, мае сваю адметнасць у структуры, семантыцы, граматычным выражэнні, стылістычным прызначэнні [4, с. 15].
Заключэнне Эпітэт як моўна-стылістычны сродак ў літаратурных творах Ніла Гілевіча выступае неабходным і важным кампанентам. Акрамя намінатыўнай функцыі, ён выконвае яшчэ і эстэтычную, бо мова мастацкай літаратуры абумоўлена вобразным зместам, для перадачы якога і выкарыстоўваюцца разнастайныя выяўленчыя сродкі, сярод якіх эпітэт з’яўляецца самым шырока ўжывальным [6, с. 49].
Эпітэты Ніла Гілевіча яскравыя і вобразныя, заўсёды выражаюць станоўчую або адмоўную ацэнку, характарызуюць прадметы, з’явы, ўласцівасці, дзеянне. Эпітэты нясуць інфармацыю пра светаўспрыманне аўтара, яго вобразнае мысленне.
Стылістычныя функцыі эпітэтаў утвараюць складаную іерархічна арганізаваную сістэму, элементы якой узаемазвязаныя і ўзаемаабумоўленыя.
Сярод усіх стылістычных сродкаў мовы эпітэтам належыць адметная роля. Яны з’яўляюцца сродкамі перадачы псіхалагічнага ўспрымання вобразаў, дапамагаюць дакладна і ўсебакова ахарактарызаваць з’яву або прадмет, узбагаціць змест твора. У літаратурнай мове багацце эпітэтаў - гэта паказчык яе развіццёвасці, гнуткасці, здольнасці перадаваць самыя тонкія пачуцці і думкі, выдзяляць складаныя паняцці і характарыстыкі, даваць апісанні прадметаў, рэчаў, з’яў рэчаіснасці, перажыванні герояў і адносіны пісьменніка да рэалій, якія ён бычыць і адлюстроўвае ў сваіх творах.
Эпітэты ў творах выкарыстоўваюцца па-рознаму, у залежнасці ад мастацкага элементу пісьменніка, яго задум, ідэй і тэмы твора. Назіранні і аналіз эпітэтаў - ёсць магчымасць прасачыць спосабы і прыёмы стварэння вобразаў, псіхалагічных характарыстык персанажаў, усвядоміць магчымасці мовы, высветліць спецыфіку эстэтычнага ўздзеяння твораў на чытача. І галоўнае — даюць прасачыць, як фарміраваўся індывідуальны мастацкі стыль пісьменніка.
Далучэнне творцы да глыбіннага, чыстага, незамутнёнага крынічнага струменьчыка народнай паэзіі давала сілы тварыць, ствараць сваю песню-цуд, шануючы, зберагаючы і перадаючы наступнікам рупна сабранае і ўвасобленае.
Яго слова — сэнсава-змястоўнае, афарыстычнае, лаканічнае, пластычнае, з адметным гукавым, маляўнічым, музыкальным абліччам, велізарным зарадам энэргіі
Падводзячы рысу, трэба адзначыць, што зрабіць па ажыцяўленні ідэі служэння народнай культуры і роднаму слову сапраўды мог толькі той, хто ў сваёй душы высокае наканаванне служыць адной ідэі. Ідэі адкрыць беларусу высокае, прыгожае, вечнае, спадчыннае, без чаго не магчыма існаванне народа, існаванне краіны.
Спіс выкарыстаннай літаратуры
1. Гілевіч Н. Наканаванае: Вершы, паэмы, раман у вершах: Для ст. шк. узросту/Прадм. Л. Ламека. — Мн.: Полымя, 1998. — 462 с.
2. Гілевіч Н. Вечны матыў: Лірыка, паэмы, раман у вершах: Для ст. шк. узросту. — Мн.: Юнацтва, 1994 — 271с.
3. Гілевіч Н. Родныя дзеці: Раман у вершах: Для ст. шк. узросту. Мн.: Маст. літ., 1995. — 182с.
4.Дзянісаў У. С. Стылістычныя функцы эпітэтаў у творах мастацкай літаратуры // Роднае слова — 1995, № 1. — С. 29−31.
5. Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 2-е выд., дапрац.і дапоўн. — Мн.: Выш.шк., 1987. — 414с.
6. Дзянісаў У. С. Праблемы вывучэння эпітэта і яго роля ў творах М. Гарэцкага//Гарэцкія чытанні. Тэзісы дакладаў і паведамленняў. — Горкі, 1993. — С. 48−52
7. Тамара Нуждзіна «Шчаслівы лёс плаціць любоўю…» / Полымя, 2011, № 9. — С. 149
8. Гаўрош Н. В. Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы. Мн.: Нар. асвета — 1991. — 582с.
9. Азарка В. У., Васілеўская А.С., Круталевіч М. М. Беларуская мова: спецыяльная лексіка. — Мн.: БДПУ, 2004. — 207 c.
10. Гілевіч Ніл // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995
11. Гілевіч Ніл // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.
12. Дзянісаў У. С. Эпітэт: праблемы вызначэння і вывучэнння // TERRA ALBA. Том І: Праблемы беларускага літаратуразнаўства). — Мн., 2000.